Текст песни
Касіў на лузе касец. Змарыўся і сеў пад кустом адпачыць ды паесці. Раптам падыходзіць да яго галодны Воўк і пытаецца:
– Ты што ясі, чалавеча?
– Хлеб, – адказвае касец.
– Дай мне пакаштаваць.
Адламаў касец кавалак хлеба і даў Ваўку. Спадабаўся яму хлеб, ён і просіць:
– Навучы мяне хлеб рабіць.
– Ну, слухай, – кажа касец. – Найперш трэба зямлю ўзараць, забаранаваць, жыта пасеяць...
– І тады хлеб будзе?
– Не яшчэ. Дачакайся, пакуль жыта ўзыдзе, перазімуе, вясной зазелянее, потым закрасуе ды саспее...
– Ох, – уздыхнуў Воўк. – Але тады ўжо можна есці?
– Рана яшчэ. Спачатку трэба каласы зжаць, змалаціць, з зерня на млыне мукі намалоць...
– I ўсё?
– Не, не ўсё. Трэба замясіць цеста і чакаць, пакуль падыдзе. Тады ў гарачую печ пасадзіць. Як спячэцца, тады і наясіся.
– Не! Гэта доўга, – кажа Воўк. – Парай мне якога лягчэйшага хлеба.
– Што ж, – кажа касец. – Ідзі на выган ды з’еж каня.
Пайшоў Воўк на выган.
– Конь, конь! Я цябе з’ем.
– Еж, – кажа конь. – Толькі здымі з маіх ног падковы, каб зубы не ламаць.
– I то праўда, – згадзіўся Воўк.
Нагнуўся ён падковы здымаць, а конь як стукне яму капытом у зубы... Перакуліўся Воўк ды ходу. Прыбег да рэчкі, а там на беразе гусі пасуцца.
– Гусі, гусі! Я вас з’ем.
– Што ж, – адказваюць гусі, – еж. Але паспявай нам перад смерцю.
– Гэта можна. Спяваць я мастак.
Задраў Воўк галаву і давай выць. А гусі крыламі замахалі і паляцелі. Пайшоў Воўк ні з чым, ідзе ды лае сябе: «Ці ж не дурань я? Цяпер, каго ні сустрэну, адразу з’ем!»
Толькі ён так падумаў, бачыць – на полі чарада авечак пасецца. Падышоў Воўк да самага большага барана і кажа:
– Баран, баран, я цябе з’ем.
– Пэўна, такая мая доля, – кажа баран. – Еж. Але нашто табе зубы ламаць аб мае старыя косці? Лепш стань у лагчынцы і разяў пашчу, а я разганюся і сам ускочу табе ў рот.
– Дзякуй за параду, – сказаў Воўк.
Стаў ён у лагчынцы, разявіў пашчу, а баран разагнаўся ды – трах! – рагамі Ваўка ў галаву. У таго ажно іскры з вачэй пасыпаліся.
Ачухаўся Воўк, пакруціў галавою і кажа сам сабе:
– З’еў я яго ці не з’еў?
Тым часам касец ішоў дахаты. Пачуў ён Ваўка і кажа:
– З’есці не з’еў, але лёгкага хлеба пакаштаваў.
2022 Народные сказки
2022 Сказки зарубежных писателей
2021 Залатая скарбонка (1+)
2021 Стихотворения, легенды и былины на белорусском языке "Залатая скарбонка" (5+)
2021 Сказки, стишки, потешки на белорусском языке "Залатая скарбонка" (2+)
2021 Сказки, стихотворения, рассказы на белорусском языке "Залатая скарбонка" (3+)
2021 Залатая скарбонка (5+)
2021 Произведения русских писателей на белорусском языке "Залатая скарбонка" (5+)
2021 Залатая скарбонка (4+)