Трек
Аверсэв "Мароз Іванавіч" (сказка на белорусском языке)
Альбом · Произведения Русских Писателей На Белорусском Языке "Залатая Скарбонка" (5+) · 2021 · Поп, Детская
Текст песни
Жылі ў адным доме дзве дзяўчынкі – Майстрыха і Гультайка. Майстрыха была працавітая: рана ўставала і бралася за работу: у печы паліла, хату падмятала, па ваду хадзіла. Гультайка ж доўга ў ложку ляжала, варочалася, пасля ўставала і сядала да акна мух лічыць.
Аднойчы з Майстрыхай бяда здарылася: пайшла па ваду, апусціла ў калодзеж вядро, а вяроўка парвалася, і вядро звалілася. Расплакалася бедная Майстрыха, схапілася за вяроўку і спусцілася на дно калодзежа.
Бачыць: стаіць перад ёй печка, а ў ёй піражок, румяны, падсмажаны, пазірае на яе і прыгаворвае:
– Я зусім гатовы, падрумяніўся, з цукрам і разынкамі падсмажыўся, хто мяне возьме, той са мной і пойдзе.
Майстрыха, не марудзячы, выцягнула піражок і пайшла далей.
Прыйшла яна ў сад, а там – дрэва, а на ім – залатыя яблычкі, лісцем варушаць і перагаворваюцца:
– Мы яблычкі спелыя, з кораня харчаваліся, сцюдзёнай расой абмываліся, хто нас з дрэва страсе, той з намі і пойдзе.
Майстрыха патрэсла дрэва, і залатыя яблычкі пасыпаліся ў яе фартушок.
Ідзе Майстрыха далей. Глядзіць, а перад ёй на ледзяной лаўцы сядзіць стары і сівы Мароз Іванавіч ды снежныя камячкі есць; як трасяне галавой – з валасоў шэрань сыплецца, як дыхне – пара густая валіць.
– Здароў, Майстрыха! Дзякуй, што мне піражок прынесла: даўно я нічога гарачага не еў.
Пасадзіў ён Майстрыху ля сябе, і яны піражком з залатымі яблычкамі паснедалі.
– Ведаю я, чаму ты прыйшла, – кажа Мароз Іванавіч. – Ты вядро ў мой калодзеж упусціла. Я яго аддам, толькі ты мне тры дні паслужы. А цяпер мне, старому, трэба адпачыць – падрыхтуй мне пасцель.
Пайшлі яны ў дом Мароза Іванавіча. Дом быў увесь з лёду: і дзверы, і падлога, і вокны ледзяныя, а сцены ўпрыгожаныя снежнымі зорачкамі. Замест пасцелі ў Мароза Іванавіча ляжаў пушысты снег. Пачала Майстрыха яго ўзбіваць, каб старому было мякчэй спаць. Рукі ў яе, небаракі, здранцвелі, пальчыкі пабялелі.
– Нічога, – сказаў Мароз Іванавіч, – як разатрэш пальцы снегам, то яны не застудзяцца.
– А чаму ты, Мароз Іванавіч, у калодзежы сядзіш?
– А таму, што вясна набліжаецца, мне горача робіцца. Ты ж ведаеш, што ў калодзежы нават улетку холадна, таму i ў самую спёку вада ў ім сцюдзёная.
– А навошта ты, Мароз Іванавіч, зімой па вулках ходзіш і ў вокны стукаеш?
– Я для таго ў вокны стукаю, каб ніхто не забываў, што ёсць у свеце людзі, якім зімой холадна, у якіх няма футра і дроў. Таму і стукаю, каб не забывалі ім дапамагаць.
Тут Мароз Іванавіч лёг на сваю снежную пасцель адпачываць. Майстрыха ж тым часам у доме прыбрала, ежу прыгатавала, адзенне пазашывала. Стары прачнуўся, задаволены, падзякаваў Майстрысе і насыпаў ёй у вядро срэбных манетак.
Так пражыла Майстрыха ў Мароза Іванавіча тры дні. На трэці дзень Мароз Іванавіч аддаў дзяўчыне вядзерца са срэбнымі манеткамі і падарыў яшчэ на памяць дыяменцік. Пайшла Майстрыха да калодзежа, схапілася за вяроўку і выйшла на белы свет.
Толькі яна падышла да дома, як певень убачыў яе, узрадаваўся, узляцеў на плот і закрычаў:
– Глядзіце ўсе, хто на двары,
Што за каштоўнасці ў вядры.
Расказала Майстрыха пра ўсё, што з ёй здарылася, і Гультайцы таксама захацелася атрымаць срэбных манетак і дыяменцік. Пайшла яна да калодзежа, схапілася за вяроўку і – бух на дно. Бачыць: стаіць перад ёй печ, а ў ёй піражок, румяны, падсмажаны, пазірае на яе і прыгаворвае:
– Я зусім гатовы, падрумяніўся, з цукрам і разынкамі падсмажыўся, хто мяне возьме, той са мной і пойдзе.
А Гультайка:
– І што мне цяпер – мучыцца, лапату падымаць і ў печку засоўваць? Захочаш – сам выскачыш!
Ідзе яна далей, перад ёй – сад, а там – дрэва, а на ім – залатыя яблычкі, лісцем варушаць і перагаворваюцца:
– Мы яблычкі спелыя, з кораня харчаваліся, сцюдзёнай расой абмываліся, хто нас з дрэва страсе, той з намі і пойдзе.
– Яшчэ чаго! Мне што – мучыцца, ручкі падымаць,
да галінак цягнуцца? Набяру, калі самі нападаеце!
І прайшла Гультайка міма яблычкаў. Вось дайшла яна да Мароза Іванавіча. Стары па-ранейшаму сядзеў на ледзяной лаўцы і снежнымі камячкамі перакусваў.
– Чаго табе трэба, дзяўчынка? – спытаў ён.
– Прыйшла я да цябе, каб паслужыць і за службу атрымаць.
– Добра ты кажаш. За працу плаціць трэба, вось толькі паглядзім, як ты працуеш. Ідзі ўзбі мне пярыну, а пасля ежы прыгатуй ды адзенне маё пазашывай.
Пайшла Гультайка, а сама думае:
«Буду я мучыцца і пальцы студзіць! Можа, стары не заўважыць і на няўзбітай пярыне засне».
Стары і праўда не заўважыў ці зрабіў выгляд, што не заўважыў, лёг у ложак і заснуў. А Гультайка пайшла на кухню, зеляніну неяк пачысціла, мяса і рыбу парэзала і ўсё паклала ў рондаль: і зеляніну, і мяса, і рыбу, і гарчыцу, і воцат.
Прачнуўся стары і просіць есці. Гультайка прыцягнула яму рондаль. Мароз Іванавіч пакаштаваў, паморшчыўся.
– Добра ж ты гатуеш, – з усмешкай зазначыў ён. – Паглядзім, як з іншай работай спраўляешся.
Гультайка надзьмулася і пачала разбіраць і падшываць адзенне старога. Ды вось бяда: як шыць і падшываць, яна ніколі ні ў кога не пыталася. Узяла іголку – і ўкалолася, на тым яе і кінула.
У трэці дзень прыходзіць Гультайка да Мароза Іванавіча і просіць яе дадому адпусціць ды за працу заплаціць.
– Якой была твая праца, такой будзе і ўзнагарода, – сказаў той і даў Гультайцы вялікі дыямент i вялікі срэбны злітак.
Узрадавалася яна і, не падзякаваўшы, пабегла дадому.
А дома пачала хваліцца:
– Вось колькі я зарабіла, не тое, што Майстрыха...
Не паспела дагаварыць, як срэбны злітак растаў і разліўся па падлозе: гэта быў звычайны лядзяш.
У той жа момант пачаў раставаць і дыямент. А певень ускочыў на плот і закрычаў:
– Кукарэку-кукаракаш,
Гультайка зарабіла лядзяш!
А вы, дзеткі, самі думайце, што тут праўда, а што няпраўда, што дзеля жарту, а што дзеля навукі.
2022 Народные сказки
2022 Сказки зарубежных писателей
2021 Залатая скарбонка (1+)
2021 Стихотворения, легенды и былины на белорусском языке "Залатая скарбонка" (5+)
2021 Сказки, стишки, потешки на белорусском языке "Залатая скарбонка" (2+)
2021 Сказки, стихотворения, рассказы на белорусском языке "Залатая скарбонка" (3+)
2021 Залатая скарбонка (5+)
2021 Произведения русских писателей на белорусском языке "Залатая скарбонка" (5+)
2021 Залатая скарбонка (4+)