Перейти к содержимому
Обложка трека Скарб — Аверсэв
6:20

Трек

Аверсэв Скарб

Альбом · Залатая Скарбонка (5+) · 2021 · Поп, Детская

Скачать

Текст песни

Ля рэчкі, пад вольхай, пасяліўся Хохлік – вясёлы і спрытны гном-чараўнік. Знайшоў ракавінку, зладзіў там кузню, паклікаў сабе ў памочнікі Жабку, Цвыркуна і Светлячка і пачаў разам з імі каваць залатыя манеты. А Крот выкапаў патаемныя падзямеллі, дзе Хохлік хаваў скрыні з золатам. Працавалі яны
заўсёды ноччу, калі ўсе спалі.
Чуткі пра незвычайныя скарбы Хохліка хутка разнесліся па ўсім наваколлі. Многія зайздросцілі чужому багаццю.
– На свае вочы бачыла, – казала Варона, – усё там у яго ў кузні блішчыць і свеціць, як маланка, ажно вочы слепіць мне, старой.
– З-з-з-м-м-м! Гэта ж проста бяда, аднаму ўсё, а другому нічога, – гудзеў Авадзень над рэчкай.
Разумны Чарот хацеў іх суцішыць:
– Ш-ш-ш! Не варта так зайздросціць. Працуйце, дык і вы будзеце мець. Я вось сведка, як Хохлік са сваёй сям’ёй працуе да поту.
Але дзе там! Яшчэ больш раззлаваліся зайздроснікі і вырашылі падзяліць між сабою Хохлікава дабро. Вераб’і, камары, куры, зайцы – усе жывыя істоты, хто толькі мог, сабраліся разам. Загулі, закрычалі і рынуліся да Хохліка ў кузню, каб яго абрабаваць.
Але Хохліка таксама лёгка не возьмеш. Ён пахаваў свае скарбы па ўсёй ваколіцы ў розных мясцінах: па лясах, па лугах, пад дрэвамі. Не было лапінкі зямлі, дзе не ляжалі б яго багацці. Але ніхто іх знайсці не можа. Грабуцца куры на сметніках. Капаюцца птушкі на палях. Порацца звяр’ё пад карчамі, рыба ў вадзе. Шукаюць, шукаюць, але нічога з гэтага
не выходзіць.
Наслухаўся малы Саўка ад свайго старога дзеда, каторы жыў у млыне ля рэчкі, шмат казак аб багатых скарбах. Яны захаваны ў зямлі, іх усе шукаюць пад карчамі, а знайсці не могуць.
– Іх трэба шукаць апоўначы ў купальскую ноч, калі кветка папараці цвіце, – казаў дзед, – тады можна іх знайсці.
Вось у купальскую ноч, калі дзед ужо спаў, малы Саўка выйшаў ціхенька з хаты. Узяў з сабою рыдлёўку і пабрыў скарбаў шукаць. Убачыў ён здалёку агеньчык, які блішчаў на полі і вабіў да сябе.
«Гэта, пэўна, скарб!» – падумаў Саўка і пайшоў на гэты агонь. Ён да агню – а агонь ад яго далей і далей, і завёў агонь хлопчыка ў самы цёмны гушчар. Страшна і жудасна было ў гушчары. Дрэвы, як жывыя істоты, шапталіся паміж сабою і нібы дзівіліся, што такі малы хлопчык не баіцца адзін швэн-дацца ў лесе начамі. Тым часам агонь знік, а замест агню залаты пеўнічак заблішчаў на карчы.
– Вось дзе скарб! – узрадаваўся Саўка – і трах рыдлёўкай пеўнічка па галаве. Пеўнічак запяяў і знік, а замест пеўнічка паказаўся залаты зайчык. Саўка і зайчыка стукнуў. Паказалася залатая лісічка... Затым – залаты ваўчок... Залаты мядзведзь...
Але ён дзіка раўнуў і глынуў Саўку.
Ачухаўся Саўка і бачыць, што стаіць ён пад зямлёй, а на яго глядзіць і ўсміхаецца Хохлік, у прыгожым адзенні і з залатой каронай на галоўцы.
Смешна стала Саўку, што Хохлік такі малюсенькі, аж бачыць: ён і сам зменшыўся і стаў нейкім хохлікам. Спачатку хлопчык спалохаўся, але Хохлік сустрэў яго вельмі прыязна, павёў у свае залатыя палацы, паказаў горы каштоўных камянёў ды іншых скарбаў.
А тут і ўся вялікая Хохлікава сям’я вярнулася з працы. Хто ў лесе шчыраваў; хто на агародзе ды ў полі расціў ураджай; хто кавалям, ганчарам, краўцам ды іншым майстрам дапамагаў. Усім дбайным людзям, якія шчыра працавалі, аддавалі хохлікі
свае незлічоныя багацці.
Апошнім прыбег маленькі хохлік з кнігай і пачаў чытаць аб тым, як дзеці ў школах вучацца, хто стараецца, а хто толькі мух ловіць. Доўга пералічваў ён усіх сяброў і знаёмых Саўкі.
– Рыхтаваць старанным дзецям найлепшыя гасцінцы, а гультаям і абібокам нічога не даваць! – загадаў галоўны хохлік.
Пагаманілі і селі вячэраць, пачалі частаваць Саўку рознымі прысмакамі ды ласункамі. Пасля вячэры ён заснуў за сталом, а прачнуўся ўжо на сваім ложку.
З таго часу болей Саўка не шукаў скарбаў, бо ведаў, што матка-зямля мае іх у сабе вельмі шмат, але дае толькі тым, хто працуе.
I Саўка ўзяўся за навуку, каб навучыцца працаваць.

0:00 0:00