Текст песни
У лясным дамку жылі тры браты: Верабей Крылаты, Пацучок Калматы ды Блін Маслены.
Верабей з поля прыляцеў, Пацучок ад ката ўратаваўся, Блін з патэльні збег.
Кожны з іх рабіў сваю справу. Верабей ежу прыносіў, Пацучок дровы сек, а Блін абед гатаваў.
Добра яны жылі. Часам вернецца Верабей, памыецца, сядзе адпачываць. Пацучок дровы цягае, стол накрывае. А Блін поліўку ды кашу варыць.
Сядуць за стол – і хваляць абед.
– Вось дык поліўка – такая тлустая! – кажа Верабей.
А Блін яму:
– Гэта я, Блін Маслены, акунуся ў гаршчок – вось поліўка і тлустая!
Верабей кашу есць і нахвальвае:
– Вось дык каша – такая гарачая!
А Пацучок яму:
– Гэта я дроў навязу, дробна нагрызу, у печ нагружу, агонь добра гарыць – вось каша і гарачая!
– Ды і я не зломак, – кажа Верабей. – Збіраю грыбы ды бабы – вось вы і сытыя!
Так яны і сябравалі, адзiн аднаго хвалілі і сябе ў крыўду не давалі.
Але аднойчы Верабей задумаўся: «Я цэлы дзень па лесе лётаю, а яны што? Блін ранкам на печы ляжыць-раскашуе, а гатаваць толькі ўвечары пачынае. Пацучок зранку дровы вязе і грызе, а пасля на печ запаўзе – і спіць да абеду. Так далей нельга!»
Раззлаваўся Верабей, ножкамі затупатаў, крылцамі залапатаў, крычыць:
– Заўтра мяняемся працай!
Так і зрабілі. Наступным ранкам Блін пайшоў шукаць ежу, Верабей – дровы сячы, а Пацучок – абед гатаваць.
Коціцца Блін па лесе і спявае:
– Скок-паскок,
Скок-паскок,
А я – Маслены Блінок!
Мяне на смятане замяшалі,
Мяне на масле запякалі!
Тут насустрач яму Ліса Патрыкееўна:
– Добра ты спяваеш, – кажа яна. – Дык цябе, кажаш, на смятане замяшалі?
Блін адказвае:
– На смятане ды з цукрам!
А Ліса яму:
– Скок-паскок, кажаш?
Ды як скокне, як фыркне, як ухопіць Блін – ням!
Блін крычыць:
– Як мне збегчы ад Лісы ў дрымучыя лясы, як мне збегчы ў грыбы – за бярозы, за дубы?!
А Ліса яму:
– Не, я цябе з’ем!
Ледзь Блін вырваўся – пакінуў у Лісіных зубах бок і пабег дадому!
А там што робіцца!
Пацучок узяўся за поліўку. «Як Блін яе гатаваў? А, ён у гаршчок нырцаваў – і поліўка рабілася тлустай!»
Кінуўся ён у гаршчок. Абварыўся, апарыўся, ледзь выскачыў! Футра пааблазіла, хвосцік дрыжыць. Сеў на лаўку ды плача.
А Верабей дровы вазіў: навазіў, нацягаў ды пачаў дзяўбці. Дзёўб – і дзюбу набок пагнуў. Сеў ля прызбы ды плача.
Прыбег Блін дадому і бачыць: сядзіць Верабей на прызбе – дзюба набок, слёзы ручаём. Забег у дамок, а там Пацучок на лаўцы – футра пааблазіла, хвосцік дрыжыць.
Тут Блін і кажа:
– Так заўсёды бывае, калі нехта зайздросціць, сваю справу рабіць не хоча.
Сорамна стала Вераб’ю. Але што рабіць? Паплакалі, пабедавалі і зажылі па-ранейшаму: Верабей ежу шукае, Пацучок дровы сячэ, а Блін поліўку і кашу гатуе.
Так яны і жывуць, пернікі жуюць, мёдам запіваюць,
пра нас з вамі ўспамінаюць.
2022 Народные сказки
2022 Сказки зарубежных писателей
2021 Залатая скарбонка (1+)
2021 Стихотворения, легенды и былины на белорусском языке "Залатая скарбонка" (5+)
2021 Сказки, стишки, потешки на белорусском языке "Залатая скарбонка" (2+)
2021 Сказки, стихотворения, рассказы на белорусском языке "Залатая скарбонка" (3+)
2021 Залатая скарбонка (5+)
2021 Произведения русских писателей на белорусском языке "Залатая скарбонка" (5+)
2021 Залатая скарбонка (4+)