Текст песни
Гэта не я сяджу на балконе восеньскай спёкай.
Я — Курт Пруфер, і мне калісьці
так доўга не даплочвалі браты
Топф, што я стаў працаваць за попел.
Але ладна я нямецкі інжынер
Курт Пруфер. Як апраўдаюцца
яўрэі, камуністы, ваеннапалонныя, што будавалі печы па маіх чарцяжах — для Дахау, Бухенвальда,
Асвенцыма, Маўтхаўзена, Магілёўскага гета...
Гэта не я сяджу на балконе восеньскай спёкай. Попел на вокнах,
падлозе, сталах, талерках, попел — не вызначыць узрост, пол, сваяцтва, невінаватасць.
Гэта не я сяджу на балконе восеньскай спёкай,
я ўвогуле не пераношу спёку пасля 45-га.
Я найлепшы інжынер фабрыкі «Топф і сыны», але гэта не я сяджу на балконе восеньскай спёкай.
Я ствараю попел дваццаць чатыры гадзіны. Попел не пахне газам.
Попел пахне перспектывамі і поспехам.
Калі не я, дык хтосьці іншы б, іх так многа,
як туфель, зубоў, дзённікаў, — проста попел.
Нават пад страхам ГУЛАГу, усё адно б —
бо хто, калі не я.