Трек
Аверсэв Вальга Усяслававіч
Альбом · Стихотворения, Легенды И Былины На Белорусском Языке "Залатая Скарбонка" (5+) · 2021 · Поп, Детская
Текст песни
Закацілася за горы яснае сонейка, густа засеялі неба зорачкі, нарадзіўся ў той час асілак Вальга Усяслававіч. Спавіла яго маці ў тонкія пялюшкі, завязала залатымі паясамі, паклала ў калыску разьбяную, пачала яму песні спяваць.
Толькі гадзіну праспаў Вальга, прачнуўся, пацягнуўся – лопнулі залатыя паясы, разарваліся тонкія пялюшкі.
А Вальга падняўся і кажа:
– Не спавівай мяне, маці, у пялюшкі, а надзень на мяне латы сталёвыя ды шлем пазалочаны і дай мне ў правую руку булаву на сто пудоў.
Расце Вальга не па днях, не па гадзінах, а па хвілінах. Падрос да пяці гадоў. Аднагодкі яшчэ з трэсачкамі гуляюць, а Вальга ўжо пісаць і чытаць навучыўся. А як споўнілася яму шэсць гадоў, пайшоў па зямлі гуляць. Ад яго крокаў зямля затрэслася, звяры і птушкі пахаваліся. Пачаў Вальга Усяслававіч вучыцца розным навукам. Навучыўся сокалам у небе лётаць, у шэрага ваўка перакідвацца, аленем па гарах скакаць.
Як споўнілася Вальгу пятнаццаць гадоў, пачаў ён збіраць дружыну. Набраў дваццаць дзевяць чалавек, а сам Вальга трыццаты. Усім малайцам па пятнаццаць гадоў, усе магутныя асілкі. Коні ў іх хуткія, стрэлы лёгкія, мячы вострыя.
Паехаў Вальга з дружынай у чыстае поле, у шырокі стэп.
Не рыпяць за імі вазы, не вязуць ні пасцеляў пуховых, ні коўдраў футровых, не едуць за імі слугі і кухары...
Пярына для іх – сухая зямля, падушка – сядло, ежы ў стэпе, у лясах шмат, быў бы запас стрэл ды крэмень з крэсівам.
Паставілі малайцы шатры, агонь запалілі, коней накармілі. Пасылае Вальга дружыннікаў у лясы:
– Бярыце сеткі шаўковыя, стаўце іх у цёмным лесе і лавіце куніц, лісіц, чорных собаляў, будзем дружыне футры шыць.
Разбрыліся асілкі па лясах. Чакае іх Вальга дзень, чакае другі, на трэці дзень толькі вярнуліся. Ногі аб карэнне пазбівалі, адзежу аб калючкі абарвалі, а ніводнага звера не злавілі.
Засмяяўся Вальга:
– Эх вы, паляўнічыя! Ідзіце ў лес да сетак ды глядзіце!
Ударыўся Вальга вобземлю, перакінуўся ў шэрага ваўка, пабег у лясы. Выгнаў ён звяроў з нор ды з буралому, пагнаў у сеткі і лісіц, і куніц, і собаляў. На вячэру шэрых зайцоў налавіў.
Вярнуліся асілкі з багатай здабычай.
Накарміў, напаіў іх Вальга, вопратку і абутак справіў. Носяць асілкі дарагія футры сабалёвыя, а на змену ў іх ёсць і футры барсавыя. Хваляць Вальгу – не нахваляцца.
Час бяжыць, пасылае Вальга зноў дружыннікаў:
– Пастаўце пасткі на дубы, налавіце гусей, лебедзяў, шэрых качак.
Наставілі яны шмат пастак, але не злавілі нават шэрага вераб’я. Вярнуліся сумныя, ад Вальгі вочы хаваюць.
А Вальга з іх пасмейваецца:
– Што ж вы ні з чым вярнуліся, паляўнічыя? Не бяда, пабалюем яшчэ. Ідзіце да пастак і глядзіце ўважліва!
Ударыўся Вальга вобземлю, узляцеў белым сокалам, падняўся высока пад самыя хмары. Б’е ён гусей, лебедзяў, шэрых качак, толькі пух ляціць.
Вярнуліся асілкі з багатай здабычай. Напяклі дзічыны, ядуць, запіваюць крынічнай вадой, Вальгу нахвальваюць.
Прайшло колькі часу, пасылае Вальга зноў сваіх дружыннікаў:
– Рабіце чаўны дубовыя, звівайце невады шаўковыя, паплаўкі бярыце з чыстага золата, выязджайце ў сіняе мора, лавіце сёмгу, бялугу, сяўругу.
Лавілі асілкі дзесяць дзён, а не злавілі і дробнага ярша.
Ператварыўся Вальга ў шчупака, нырнуў у мора, выгнаў рыбу з глыбокіх ям, загнаў у невады шаўковыя.
Налавілі асілкі поўныя чаўны і сёмгі, і бялугі, і вусатых самоў.
Гуляюць малайцы па чыстым полі, стрэлы пускаюць, на конях скачуць, сілай мераюцца...
Але дазнаўся Вальга, што турэцкі цар Салтан Бекетавіч на іх землі вайной ісці збіраецца. Склікаў ён дружыну і кажа:
– Хопіць вам адпачываць, сілу збіраць, прыйшоў час паслужыць радзіме, абараніць яе ад Салтана Бекетавіча. Хто з вас у турэцкі стан прабярэцца, Салтанавы намеры разведае?
Маўчаць асілкі, адзін за аднаго хаваюцца. Раззлаваўся Вальга:
– Відаць, самому трэба ісці!
Ператварыўся ён у тура з залатымі рагамі. Першы раз скочыў – вярсту праскочыў, другі раз скочыў – толькі яго і бачылі.
Даскакаў да турэцкага царства, ператварыўся ў вераб’я, сеў на акно да цара Салтана і слухае, як ён кажа сваёй жонцы Азвякаўне:
– Я захаплю дзевяць гарадоў, сяду князем у Кіеве, дзевяць гарадоў раздам дзевяці сынам, табе падару сабалёвае футра.
А царыца Азвякаўна нявесела адказвае:
– Ах, цар Салтан, сёння мне кепскі сон сніўся: быццам біўся ў полі чорны крумкач з белым сокалам. Белы сокал чорнага крумкача задраў, пер’е на вецер выпусціў. Белы сокал – гэта асілак Вальга Усяслававіч, чорны крумкач – ты, Салтан Бекетавіч. Не пачынай вайны. Не ўзяць табе дзевяці гарадоў, не княжыць у Кіеве.
Раззлаваўся цар Салтан:
– Не баюся я асілкаў, буду княжыць у Кіеве.
Вальга зляцеў уніз вераб’ём, перабег царскі двор гарнастаем, прабраўся ў глыбокія склепы. Там у лукаў тугіх цеціву паадкусваў, у стрэл дрэўкі паперагрызаў, шаблі павышчэрбліваў, булавы дугой пазгінаў.
Вылез ён са склепа гарнастаем, пабег шэрым ваўком у царскія стайні, усіх турэцкіх коней пазагрызаў, паляцеў ясным сокалам у чыстае поле да сваёй дружыны, разбудзіў асілкаў:
– Гэй, дружына мая смелая, не час цяпер спаць, час уставаць! Збірайцеся ў паход на Залатую Арду, на Салтана Бекетавіча!
Падышлі яны да Залатой Арды, а вакол Арды – сцяна каменная, высокая. Брама ў сцяне жалезная, крукі-засаўкі медныя, ля брамы варта бяссонная – не пераляцець, не перайсці, браму не выламаць.
Засмуціліся асілкі, задумаліся: «Як перабрацца праз сцяну высокую, браму жалезную?»
Перакінуўся тады Вальга ў малую мушку, усю дружыну ператварыў у мурашак, і пралезлі мурашкі пад брамай. А на тым баку зрабіліся ваярамі. Ударылі яны ў Салтанава войска, як гром з неба. А ў турэцкага войска мячы затупленыя, шаблі вышчарбленыя.
Прайшлі асілкі па Залатой Ардзе, усю Салтанаву сілу адолелі. Сам Салтан Бекетавіч у свой палац схаваўся, жалезныя дзверы зачыніў, медныя засаўкі засунуў.
Як ударыў у дзверы нагой Вальга, усе засаўкі-шрубы вылецелі, жалезныя дзверы лопнулі. Зайшоў ён у святліцу, схапіў Салтана за рукі:
– Не паліць табе, Салтан, нашы гарады, не сядзець князем у Кіеве!
Ударыў яго Вальга, аж з Салтана і дух выйшаў.
– Не хваліся, Арда, сваёй сілай, не ідзі вайной на нашы землі!
2022 Народные сказки
2022 Сказки зарубежных писателей
2021 Залатая скарбонка (1+)
2021 Стихотворения, легенды и былины на белорусском языке "Залатая скарбонка" (5+)
2021 Сказки, стишки, потешки на белорусском языке "Залатая скарбонка" (2+)
2021 Сказки, стихотворения, рассказы на белорусском языке "Залатая скарбонка" (3+)
2021 Залатая скарбонка (5+)
2021 Произведения русских писателей на белорусском языке "Залатая скарбонка" (5+)
2021 Залатая скарбонка (4+)