Перейти к содержимому
Обложка трека Спадарыня завіруха — Аверсэв
6:53

Трек

Аверсэв Спадарыня завіруха

Альбом · Залатая Скарбонка (5+) · 2021 · Поп, Детская

Скачать

Текст песни

Ва ўдавы было дзве дачкі. Адна была прыгожая і працавітая, а другая – брыдкая і лянівая. Але ўдава больш любіла лянівую, бо гэта была яе родная дачка, а падчарку прымушала рабіць усю работу ў доме.
Бедная дзяўчына шторанку мусіла сядаць ля калодзежа і прасці так шмат, што на яе пальцах выступала кроў. Аднойчы
кроў заліла ўсё верацяно, дзяўчына нахілілася, каб памыць яго, але верацяно выскачыла ў яе з рук і ўпала ў калодзеж.
Заплакала падчарка і пабегла да мачыхі расказаць пра сваю бяду. Тая пачала сварыцца і была такой жорсткай, што сказала:
– Раз здолела ўпусціць, здолей і дастаць.
Вярнулася дзяўчына да калодзежа і з гора кінулася ў ваду. Яна страціла прытомнасць, а калі прыйшла ў сябе, то ўбачыла, што ляжыць на прыгожым лузе, там свеціць сонца і цвітуць тысячы кветак. Яна пайшла па лузе далей і ўбачыла печ, поўную хлеба.
Хлеб крычаў:
– Ах, дастань мяне, дастань мяне, бо я згару! Я даўно ўжо спёкся!
Дзяўчына падышла і лапатай дастала ўсе боханы адзін за адным. Потым пайшла далей і прыйшла да яблыні, на якой было шмат спелых яблыкаў.
Яблыня крычала:
– Абтрасі мяне, абтрасі мяне! Мае яблыкі ўжо саспелі!
Пачала дзяўчына трэсці дрэва, і яблыкі дажджом пасыпаліся на зямлю. Яна трэсла, пакуль не стрэсла ўсе яблыкі. Потым склала іх у кучу і пайшла далей.
Нарэшце яна прыйшла да хаткі, з акна якой выглядвала старая. У яе былі такія вялікія зубы, што дзяўчына спалохалася
і хацела ўцякаць. Але старая крыкнула ёй:
– Чаго ты баішся, мілае дзіця? Заставайся ў мяне. Будзеш добра працаваць, то і табе будзе добра. Толькі сцялі мне акуратна пасцель і старанна яе ўзбівай, каб пер’е ва ўсе бакі
ляцела. Тады на зямлі ідзе снег. Я – спадарыня Завіруха.
Старая так ласкава размаўляла з дзяўчынай, што на сэрцы ў яе пацяплела і яна засталася на службе. Дзяўчына старалася ва ўсім дагаджаць старой, а пасцель узбівала так моцна, што пер’е лётала навокал, нібы сняжынкі. Таму жылося ёй добра, яна не чула ніводнага злога слова, а смажанага і варанага мела ўдосталь. Так прабыла яна колькі часу ў Завірухі і пачала сумаваць. Спачатку яна і сама не разумела, чаго ёй не хапае, а потым здагадалася, што сумуе па доме. І хоць тут ёй жылося ў тысячу разоў лепш, усё ж яна захацела вярнуцца. Нарэшце
яна сказала старой:
– Я засумавала па доме. І хоць мне вельмі добра тут, я павінна падняцца і вярнуцца да сваіх.
Спадарыня Завіруха сказала:
– Мне падабаецца, што ты хочаш дадому. Ты мне добра служыла, таму я сама правяду цябе наверх.
Яна ўзяла дзяўчыну за руку і прывяла да вялікай брамы. Калі дзяўчына праходзіла пад брамай, паліўся залаты дождж і яна ўся пакрылася золатам.
– Гэта табе за стараннасць, – сказала Завіруха і дала ёй верацяно, якое звалілася ў калодзеж.
Пасля брама зачынілася, і дзяўчына аказалася наверсе, ля дома мачыхі. Калі яна зайшла на двор, певень, што сядзеў на калодзежы, закрычаў:
– Кукарэку! Наша залатая дзяўчына вярнулася!
Яна зайшла ў дом, а з-за таго, што ўся яна была ў золаце, мачыха і сястра сустрэлі яе ласкава.
Дзяўчына расказала пра ўсё, што з ёй здарылася, і калі мачыха даведалася, адкуль такое багацце, захацела здабыць шчасце і для сваёй лянівай ды брыдкай дачкі.
Лянівіца таксама мусіла сесці ля калодзежа і прасці. Яна пакалола сабе рукі аб калючкі, запэцкала верацяно крывёю, кінула яго ў калодзеж і сама скочыла следам.
Яна трапіла на той самы прыгожы луг, што і сястра, і той жа сцежкай дайшла да печы. Хлеб зноў закрычаў:
– Ах, дастань мяне, дастань мяне, бо я згару! Я даўно ўжо спёкся!
– Буду я праз цябе пэцкацца! – адказала гультайка і пайшла
далей.
Хутка яна дайшла да яблыні, якая крычала:
– Абтрасі мяне, абтрасі мяне! Мае яблыкі ўжо саспелі!
– Вось яшчэ! – адказала гультайка. – А раптам яблык упадзе мне на галаву?
Калі яна прыйшла да дома спадарыні Завірухі, то зусім не баялася, бо ўжо чула пра яе вялікія зубы, і адразу нанялася на працу. У першы дзень яна яшчэ старалася, рабіла ўсё, што казала гаспадыня, бо думала пра золата, якое атрымае ў падарунак. На другі ж дзень пачала ленавацца, на трэці яшчэ больш, а потым і зусім не захацела рана падымацца з ложка. Яна дрэнна засцілала пасцель і не ўзбівала яе так, каб пер’е ляцела ва ўсе бакі. Хутка гэта надакучыла спадарыні Завірусе, і яна сказала дзяўчыне ісці дадому. Гультайка ўзрадавалася, думала, што зараз і на яе пальецца залаты дождж. Спадарыня Завіруха давяла яе да брамы, але калі гультайка пад ёй праходзіла, на яе выліўся кацёл смалы.
– Гэта табе за працу, – сказала Завіруха і зачыніла браму.
Вярнулася гультайка ўся ў смале, а пеўнік, што сядзеў на калодзежы, закрычаў:
– Кукарэку! Наша брудная дзяўчына вярнулася!
А смала так моцна да яе прыліпла, што не змылася да канца жыцця.

0:00 0:00