Трек
Аверсэв Заяц і Вожык
Альбом · Сказки, Стихотворения, Рассказы На Белорусском Языке "Залатая Скарбонка" (3+) · 2021 · Поп, Детская
Текст песни
Адным нядзельным ранкам, калі ўзышло яркае сонца, над палямі спявалі жаўрукі і людзі ў святочных строях ішлі ў царкву, Вожык таксама радаваўся жыццю. Стаяў ён ля сваіх дзвярэй, дыхаў ранішнім паветрам і напяваў песеньку. Тут яму прыйшло ў галаву, што, пакуль яго жонка мые дзяцей, ён можа прагуляцца на поле і зірнуць, як расце бручка. Так ён
і зрабіў.
Прабіраючыся праз цярноўнік ля самага поля, ён заўважыў Зайца, які выйшаў паглядзець на сваю капусту, і пажадаў яму добрага ранку. А Заяц быў панам важным, таму з пагардай адказаў:
– А што гэта ты так рана тут бегаеш?
– Гуляю, – кажа Вожык.
– Гуляеш? – засмяяўся Заяц. – Мне здаецца, што твае ногі маглі б заняцца і больш карыснай справай.
Вожык усё мог стрываць, але толькі не абразлівыя словы пра свае крывыя ногі.
– Ты сабе надумаў, – сказаў ён Зайцу, – што твае ногі лепшыя за мае?
– Канечне, – адказаў Заяц.
– Гэта мы яшчэ праверым, – сказаў Вожык. – Магу паспрачацца, што, калі мы пабяжым навыперадкі, я прыбягу першым.
– Вось дык насмяшыў! – сказаў Заяц. – Ну, калі табе так хочацца, то я гатовы. На што будзем спрачацца?
– На залатую манету, – кажа Вожык.
– Згода, – адказаў Заяц. – Пабеглі!
– Навошта так спяшацца? – прамовіў Вожык. – Я ж яшчэ нічога не еў і не піў. Спярша я пайду дадому і паснедаю, а праз паўгадзіны вярнуся на гэтае самае месца.
Заяц пагадзіўся, і Вожык пайшоў дадому, а дарогай думаў: «Заяц спадзяецца на свае доўгія ногі, але я яго перахітру. Хай сабе ён і важны пан, але ж дурань, таму і прайграе».
Дома Вожык сказаў жонцы:
– Збірайся хутчэй, пойдзеш разам са мной на поле.
– А што здарылася? – пытае яна.
– Ды мы з Зайцам паспрачаліся на залатую манету. Хачу бегчы з ім навыперадкі, і трэба, каб ты была там.
– Божа мой! – закрычала на яго жонка. – Ты што, зусім з глузду з’ехаў? Як ты пабяжыш з Зайцам навыперадкі?
– Я прыдумаю, як выкруціцца, – сказаў ёй Вожык. – Хадзем разам са мной.
Ідуць яны разам на поле, і Вожык кажа:
– А цяпер уважліва слухай, што я прыдумаў.
Бачыш, вунь поле, па якім мы з Зайцам пабяжым навыперадкі. Заяц будзе бегчы па адной баразне, а я – па другой, і бегчы мы пачнём з гары. Твая справа – проста стаяць тут унізе і, калі Заяц прабяжыць побач, крыкнуць яму: «А я ўжо тут!»
Вожык паказаў жонцы, дзе чакаць, а сам пайшоў вышэй. Калі ён прыйшоў, Заяц ужо быў на месцы.
– Ну што, пачынаем? – пытае Заяц.
– Пачынаем, – кажа Вожык.
Кожны стаў у сваю баразну, Заяц палічыў: «Раз, два, тры», – і, як вецер, паімчаў уніз па полі. А Вожык прабег прыкладна тры крокі і спакойна рассеўся ў баразне.
Дабег Заяц да канца поля, а Вожычыха яму насустрач крычыць:
– А я ўжо тут!
Здзіўлены Заяц спыніўся, бо падумаў, што гэта крычыць сам яго сапернік: усе ж ведаюць, што Вожычыха выглядае так сама, як і Вожык. Але Заяц вырашыў: «Нешта тут не так», – і пракрычаў:
– А давай прабяжым яшчэ раз – назад!
І як вецер кінуўся, прыціснуўшы вушы, па баразне, а Вожычыха спакойна сядзела на сваім месцы.
Дабег Заяц да канца поля, а Вожык крычыць яму насустрач:
– А я ўжо тут!
Раззлаваўся Заяц і крыкнуў:
– Пабеглі яшчэ раз назад!
– Як хочаш, – адказаў Вожык, – мне ўсё адно, колькі разоў бегаць.
Так Заяц бегаў яшчэ семдзесят тры разы, і Вожык увесь час прыходзіў першым.
Кожны раз, калі Заяц прыбягаў на край поля, Вожык ці Вожычыха казалі:
– А я ўжо тут!
А на семдзесят чацвёрты раз Заяц да канца не дабег: зваліўся і не змог рухацца далей.
Вожык узяў выйграную залатую манету, паклікаў жонку, і яны разам пайшлі дадому, абое вельмі задаволеныя.
Вось так і атрымалася, што просты палявы вожык абагнаў зайца, і з таго часу ўжо ніводны заяц не наважваўся бегаць з вожыкам навыперадкі.
А навука ў гэтай казцы такая: ніхто, нават самы важны пан, не мае права кпіць з іншага – хай нават з простага вожыка.
2022 Народные сказки
2022 Сказки зарубежных писателей
2021 Залатая скарбонка (1+)
2021 Стихотворения, легенды и былины на белорусском языке "Залатая скарбонка" (5+)
2021 Сказки, стишки, потешки на белорусском языке "Залатая скарбонка" (2+)
2021 Сказки, стихотворения, рассказы на белорусском языке "Залатая скарбонка" (3+)
2021 Залатая скарбонка (5+)
2021 Произведения русских писателей на белорусском языке "Залатая скарбонка" (5+)
2021 Залатая скарбонка (4+)