Перейти к содержимому
Обложка трека Заяц-выхваляка — Аверсэв
3:46

Текст песни

Кажуць, што раней Заяц і Вавёрка былі вельмі падобныя. Былі ў іх доўгія і пушыстыя хвасты. Заяц больш за ўсё любіў выхваляцца, а Вавёрка была сціплай.
Увосень Заяц адпачываў пад арэшынай. Тут з яе саскочыла Вавёрка.
– Прывітанне, сябра Заяц! Як маешся?
– Добра, Вавёрачка! Хіба мне калі было кепска? Сядзь, адпачні ў цяньку!
– Не, – адмовілася Вавёрка. – Мне арэхі збіраць трэба.
– Хіба гэта праца? – засмяяўся Заяц. – Вунь колькі на зямлі арэхаў – сядай і збірай!
– Не, сябра! Здаровыя і спелыя арэхі вісяць на дрэве. На зямлю вецер асыпае толькі чарвівыя. Я збіраю тыя, што на дрэвах. А калі запасаў не хапае, выбіраю з тых, што апалі. Узімку арэх – мая галоўная ежа!
– А мне на зімоўку не патрэбныя ні ежа, ні дом. Я ж кемлівы і сціплы звярок! – пахваліўся Заяц. – Засцялю белы снег сваім пушыстым хвастом – і спакойна на iм сплю, прагаладаюся – абгрызаю кару дрэваў.
Тут з травы выпаўз Вожык.
– Якія вы падобныя! – сказаў ён. – У вас пярэднія лапкі кароткія, а заднія – доўгія, у абаіх невялікія вушы і надзіва акуратныя хвасты!
– Ну не! – забурчаў Заяц. – Я большы! Хвост Вавёркі побач з маім – драбяза!
Вавёрка не спрачалася і ўскочыла на дрэва. Вожык з дакорам уздыхнуў і знік у траве. А Заяц усё выхваляўся.
Раптам падзьмуў вецер і разгайдаў вершаліны дрэў. Асыпаліся на зямлю арэхі. Адзін з іх ударыў Зайцу паміж вачэй. І ў яго ад перапуду вочы пачалі касіць.
Але, як кажуць, бяда ідзе і бяду вядзе: у той жа момант пачала з трэскам падаць стогадовая сасна. Заяц паспеў адскочыць убок, але тоўсты сук прыціснуў яго хвост. Пачуўшы стогн, да паваленай сасны падбеглі Вавёрка і Вожык.
– Сяброўка мая, Вавёрачка, – сказаў Заяц, – хуценька знайдзі Мядзведзя!
Вавёрка паскакала і знікла з вачэй, але, не знайшоўшы Мядзведзя, прывяла Ваўка.
– Ратуйце мяне, сябры, – плакаў Заяц.
Але Воўк не змог не тое што падняць – нават зварухнуць сук.
– Эх ты, Воўк! – сказаў Заяц. – Дарэмна ты выстаўляеш сябе такім магутным!
Вавёрка і Вожык пераглянуліся. Хто ж не ведае Ваўчынай сілы? А Воўк схапіў Зайца і пачаў з усяе моцы цягнуць. У таго шыя і вушы выцягнуліся ў струнку, а хвост адарваўся.
– Больш выхваляцца не буду, – паўтараў Заяц.
– Было б чым хваліцца! – здзекліва зарагатаў Воўк.
Вавёрка і Вожык спрабавалі сябра падтрымаць. Але кажуць, што ў Зайца мову адняло і ён хаваецца ад усіх у траве і кустах.

0:00 0:00