Перейти к содержимому
Обложка трека Кульгавенькая качка — Аверсэв
4:25

Трек

Аверсэв Кульгавенькая качка

Альбом · Залатая Скарбонка (5+) · 2021 · Поп, Детская

Скачать

Текст песни

Жылі ў адной вёсцы дзед і баба. Жылі адны, бо дзяцей не мелі.
Неяк пайшлі яны ў лес грыбы-ягады збіраць. Раптам бачыць баба: пад кусцікам – гняздзечка, а ў гняздзечку – Качка.
Кажа баба дзеду:
– Давай возьмем яе з сабой, хай у нас жыве.
Убачылі яны, што ў Качкі ножка зламаная. Узялі яе асцярожненька, прынеслі дадому, зладзілі ўтульнае гняздзечка, абклалі яго пёркамі і пасадзілі туды Качку, а самі зноў у грыбы пайшлі.
Неўзабаве вярнуліся і бачаць: у хаце нехта прыбраў, баршчу наварыў, на стале ўсё для абеду расклаў.
Пачалі старыя распытваць суседзяў:
– Хто гэта ў нас гаспадарыў?
Але ніхто нічога не бачыў.
Назаўтра зноў пайшлі дзед і баба ў грыбы, а калі вярнуліся – зноў нехта ўсё прыбраў, пасцель памяняў, ручнікі чыстыя паразвешваў, на вокнах фіранкі новыя.
Зноў старыя суседзяў распытваюць.
– А ў вас дзяўчына прыгожая жыве, – адказалі ім, – ходзіць па ваду да крыніцы. Толькі кульгае трошкі на адну ножку.
Тады баба кажа дзеду:
– А давай заўтра зноў пойдзем быццам у грыбы, а самі схаваемся і пабачым, хто ў нас гаспадарыць.
Назаўтра яны быццам сабраліся ў лес ісці, а самі за свірнам схаваліся. Раптам бачаць – выходзіць з хаты прыгожая дзяўчына і з каромыслам і вёдрамі ідзе да крыніцы. Толькі трошкі кульгае на адну ножку. Зайшлі старыя ў хату, а там гняздзечка пустое, толькі пер’е вакол яго раскіданае. Схапілі гняздзечка і выкінулі ў печку. Яно і згарэла.
А дзяўчына вярнулася ў хату, убачыла, што старыя зрабілі, і горка заплакала. Пачалі яе суцяшаць:
– Не плач, мілая, не плач, красуня! Зажывём разам, будзеш нам замест дачкі. Будзем цябе любіць і песціць.
А дзяўчына ім адказвае:
– Век бы я ў вас жыла, толькі навошта вы спалілі маё гняздзечка і за мной падглядалі? Цяпер я ў вас застацца не магу! Зрабі мне, дзядуля, калаўрот і верацяно, я ад вас сыду.
Як ні ўгаворвалі яе старыя, дзяўчына не згаджалася. Давялося старому зрабіць ёй калаўрот і верацяно. Села дзяўчына на двары і пачала прасці.
Тут удалечыні паказалася чародка качак. Убачылі яны дзяўчыну, падляцелі бліжэй і заспявалі:
– Гэта ж нашая сваячка,
Нашая сястрыца-качка!
Мы ёй скінем па пяры,
Хай палётае ўгары!
А дзяўчына ім адказвае:
– Не хачу я з вамі ляцець.
Калі я зламала ножку,
Вы сабраліся ў дарожку,
Мне ж ніхто не дапамог:
Вы з усіх ляцелі ног!
Скінулі ёй качкі па пяры, а самі далей паляцелі.
Вось ляціць другая чародка качак і таксама спявае:
– Гэта ж нашая сваячка,
Нашая сястрыца-качка!
Мы ёй скінем па пяры,
Хай палётае ўгары!
Дзяўчына і з імі не захацела ляцець. Тады яны скінулі ёй па пяры і таксама паляцелі.
Ляціць трэцяя чародка качак. Убачылі яны дзяўчыну, скінулі ёй па пяры, дзяўчына абляпілася імі, ператварылася ў кульгавенькую Качку і паляцела разам з чародкай.
А дзед і баба зноў засталіся адны.

0:00 0:00