Трек
Аверсэв "Чук і Гек" (рассказ на белорусском языке)
Альбом · Произведения Русских Писателей На Белорусском Языке "Залатая Скарбонка" (5+) · 2021 · Поп, Детская
Текст песни
Жыў чалавек у лесе ля Сініх гор. Калі надышла зіма, ён засумаваў па сваёй сям’і і паслаў жонцы ліст, каб яна разам з дзецьмі прыязджала да яго ў госці. Дзяцей у яго было двое – Чук і Гек.
У той момант, калі паштальён з лістом падымаўся па лесвіцы, у Чука з Гекам была бойка. Яны стукнулі адзін аднаго кулакамі і збіраліся стукнуць яшчэ, але раптам зазвінеў званок: гэта і быў паштальён.
Тады яны закрычалі:
– Гэта ліст ад таты! Ён, напэўна, хутка прыедзе!
І яны так узрадаваліся, што не заўважылі, як прыйшла маці. Яна скінула футра і схапіла ліст.
– Бацька кліча нас усіх да сябе ў госці, – сказала маці. – Туды ехаць тысячу кіламетраў цягніком. А пасля яшчэ коньмі праз тайгу. А ў тайзе водзяцца мядзведзі і ваўкі.
– Гэй-гэй! – Чук і Гек у адзін голас заявілі, што згодны ехаць не толькі тысячу, але нават сто тысяч кіламетраў. Яны нічога не баяцца. Яны смелыя.
Прайшоў цэлы тыдзень, перш чым маці сабралася ў дарогу. Урэшце ўсе справы скончыліся, і вось маці паехала на вакзал па білеты.
А без яе ў Чука з Гекам здарылася спрэчка. Ах, калі б яны ведалі, да якой бяды давядзе іх гэтая спрэчка, яны б не сварыліся!
У Чука была металічная скрынка, дзе ён захоўваў розныя вельмі патрэбныя рэчы. І вось у тое імгненне, калі Чук ішоў даставаць з таемнага сховішча сваю каштоўную скрынку, прыйшоў паштальён і перадаў Чуку тэлеграму для маці.
Чук схаваў тэлеграму ў скрынку і пайшоў даведацца, чаму Гек у суседнім пакоі крычыць:
– Р-ра! Р-ра! У-ра!
Гэй! Бей! Турумбей!
Зазірнуўшы ў дзверы, Чук убачыў, хто такі «турумбей», і раззлаваўся. Пасярод пакоя стаяла крэсла, на спінцы якога вісела разадраная газета. Але гэта яшчэ нічога. Перамогшы газету, Гек пачаў распраўляцца з жоўтай кардонкай з-пад маміных чаравікаў. А ў кардонцы Чук захоўваў дудку і грошы.
Пачалася бойка. Гек выхапіў з рук Чука металічную скрынку, адным махам узляцеў на падаконнік і выкінуў скрынку праз адчыненую фортку.
Абражаны Чук з крыкам: «Тэлеграма! Тэлеграма!» –выскачыў за дзверы. Адчуўшы, што здарылася нешта кепскае, следам за Чукам панёсся Гек.
Але марна шукалі яны металічную скрынку, у якой ляжала яшчэ нікім не прачытаная тэлеграма. Ці то яна трапіла ў сумёт і цяпер была глыбока пад снегам, ці то яе нехта сцягнуў – так ці інакш, скрынка разам з усім скарбам і тэлеграмай назаўсёды знікла.
Вярнуўшыся дадому, Чук і Гек доўга маўчалі. Але паколькі Чук быў на год старэйшы за Гека і баяўся, што ад маці яму ўляціць больш, ён прыдумаў:
– А што, калі мы маме нічога пра тэлеграму не скажам?
– Падманваць кепска, – уздыхнуў Гек.
– А мы не будзем падманваць! – радасна ўсклікнуў Чук. – Калі яна спытае, дзе тэлеграма, то мы скажам. А калі не спытае, то навошта нам нешта казаць?
– Добра, – пагадзіўся Гек. – Калі падманваць не трэба, то мы так і зробім.
Тут дадому прыйшла маці. Яна паказала ім білеты, пасля яны павячэралі і леглі спаць. А пра тэлеграму маці нічога не ведала і, канечне ж, нічога не спытала.
Назаўтра яны паехалі. Цягнік адыходзіў позна, а таму вечарам яны праз чорныя вокны нічога не ўбачылі.
Калі Гек прачнуўся, пад падлогай вагона мерна пастуквалі колы. Скрозь марозныя вокны свяціла сонца. Пасцелі былі прыбраны. Умыты Чук грыз яблык.
Шмат цікавага пабачылі яны падчас падарожжа. Шкада толькі, што на дварэ бушавалі завірухі і вокны вагона часта былі залеплены снегам.
І вось урэшце цягнік падкаціў да маленькай станцыі.
Яны скінулі чамаданы ў снег. Драўляная платформа хутка апусцела; бацька сустракаць іх не прыехаў. Маці пайшла распытваць фурманоў, каго з іх бацька прыслаў з санямі, бо да месца, дзе ён жыў, ехаць заставалася яшчэ сто кіламетраў праз тайгу. Вярнуўшыся, сумная маці патлумачыла сынам, што бацька, відаць, іх тэлеграму пра выезд не атрымаў,
бо нікога на станцыю па іх не прыслаў. Яна дамовілася з адным фурманом, што той давязе іх да месца прызначэння. Яны склалі ў шырокія сані багаж і захуталіся ў коўдры.
Бывайце, вялікія гарады, станцыі, вёскі, мястэчкі! Цяпер наперадзе толькі лес, горы і зноў густы, цёмны лес.
Амаль да змяркання яны, дзівячыся дрымучай тайзе, ехалі і не заўважалі, як ляціць час. І вось без усялякай каманды коні спыніліся ля маленькай, занесенай снегам хаткі.
– Тут начуем, – сказаў фурман.
Хатка была маленькая, але трывалая. Людзей у ёй не было. Яны папілі гарбаты, паелі і, не распранаючыся, леглі спаць.
Увесь наступны дзень дарога ішла праз лес і горы. На пад’ёмах фурман саскокваў з саней і ішоў побач. Затое на спусках сані імчалі так хутка, што Чуку з Гекам здавалася, нібыта яны разам з коньмі і санямі падаюць на зямлю прама з неба.
Урэшце пад вечар, калі і людзі, і коні ўжо моцна стаміліся, фурман сказаў:
– Ну, вось і паварот. Там, на паляне, стаіць іхняя база.
Сані імкліва павярнулі і падкацілі да трох дамкоў, што тырчалі на невялікім, схаваным ад вятроў узлеску.
Як дзіўна! Сабакі не брэшуць, людзей не відаць. Усе сцяжынкі занесены глыбокім снегам, а вакол такая цішыня, як зімой на могілках. І толькі белабокія сарокі бесталкова скачуць з дрэва на дрэва.
– Ты куды нас прывёз? – спалохана спытала ў фурмана маці. – Хіба нам сюды трэба?
– Куды дамаўляліся, туды і прывёз, – адказаў фурман. – Вось гэтыя тры дамы называюцца «Разведвальна-геалагічная база нумар тры». Вось і шыльда.
– Але ж паглядзі: на дзвярах замкі, ганкі заснежаныя. Куды зніклі людзі?
– Адкуль мне ведаць, – адказаў фурман. – На мінулым тыдні мы сюды прадукты вазілі. Пачакайце, я пагляджу ў вартоўні.
Хутка ён вярнуўся:
– Хата пустая, а печка цёплая. Значыць, вартаўнік тут, але пайшоў, відаць, на паляванне. Бліжэй да ночы вернецца і ўсё вам раскажа.
Яны ўсе зайшлі ў хатку; фурман следам унёс іх рэчы. У хатцы было цёпла, і маці пачала распранаць перапужаных дзяцей.
– Ехалі да бацькі – і вось прыехалі!
– Вартаўнік да ночы вернецца, – супакойваў яе фурман. – У печцы гаршчок з супам. Калі б ён надоўга пайшоў, то суп бы на холад вынес. Але вы як хочаце, магу вас назад да станцыі давезці.
– Не, – адмовілася маці. – На станцыі нам рабіць няма чаго.
Дзверы адчыніліся, і ў хату зайшоў вартаўнік, а з ім вялікі калматы сабака. Вартаўнік скінуў стрэльбу з пляча, кінуў на лаву забітага зайца і спытаў:
– Гэта што за госці сюды прыехалі?
– Я жонка начальніка геалагічнай партыі Сярогіна, – сказала маці, – а гэта яго дзеці.
– І навошта вы прыехалі? Вам жа напісалі не прыязджаць.
– Як гэта напісалі? Хто напісаў?
– Я сам вазіў на станцыю ад Сярогіна тэлеграму, а ў тэлеграме ясна напісана: «Затрымайцеся на два тыдні. Наша партыя тэрмінова выходзіць у тайгу».
– Якую тэлеграму? – перапытала маці. – Мы ніякай тэлеграмы не атрымлівалі.
І яна разгублена паглядзела на Чука і Гека. Але пад яе поглядам хлопчыкі, спалохана вылупіўшы адзін на аднаго вочы, паспешліва пачалі адступаць назад.
– Дзеці, – падазрона зірнуўшы на сыноў, спытала маці, – вы без мяне ніякай тэлеграмы не атрымлівалі?
Адказу не было.
– Адказвайце! – крыкнула тады маці. – Вы, мабыць, без мяне атрымалі тэлеграму і мне не аддалі!
Прайшло яшчэ некалькі секунд, і пачуўся роўны і суладны плач. Мінула нямала часу, перш чым хлопчыкі, перабіваючы і бессаромна абвінавачваючы адзін аднаго, расказалі тую сумную гісторыю. Маці ўздыхнула, наказала дзецям выцерці насы і ўмыцца, а сама пачала распытваць вартаўніка, што ёй рабіць.
Вартаўнік сказаў, што геалагічная партыя тэрмінова выправілася да цясніны Алкараш і вернецца не раней чым праз дзесяць дзён.
– Але як мы гэтыя дзесяць дзён пражывём? – спытала маці. – У нас жа няма ніякага запасу.
– Так вось і жывіце, – адказаў вартаўнік. – Хлеба я вам дам, вунь заяц – зварыце. А я заўтра на два дні ў тайгу сыду, мне пасткі правяраць трэба.
– Але мы тут нічога не ведаем, – сказала маці. – Тут жа лес, звяры...
– Я другую стрэльбу пакіну, – сказаў вартаўнік. – Дровы пад паветкай, вада ў крыніцы пад пагоркам. Вунь крупы ў меху, соль у слоіку.
Ранкам, яшчэ на світанні, вартаўнік узяў стрэльбу, торбу, сабаку, стаў на лыжы і пайшоў у лес. Цяпер трэба было гаспадарыць самім. Яны ўтрох хадзілі па ваду. За пагоркам біла крыніца, і ад вады, як ад чайніка, ішла густая пара. Калі Чук падставіў пад струмень палец, аказалася, што вада халаднейшая за сам мароз.
На чацвёрты дзень скончыліся дровы, і маці давялося самой іх сячы. Зайца даўно з’елі і варылі на абед толькі кашу з маслам і цыбуляй. Хлеб заканчваўся, але маці знайшла муку і спякла праснакоў.
Пасля такога абеду Гек засумаваў, і маці падалося, што ў яго тэмпература. Наказаўшы яму сядзець дома, яна апранула Чука, і яны пайшлі па ваду, а заадно набраць на ўзлеску галля, каб ранкам паліць у печы. Гек застаўся адзін. Ён засумаваў яшчэ больш і пачаў нешта выдумляць.
А маці з Чукам затрымаліся. На зваротнай дарозе санкі перавярнуліся, вёдры перакуліліся, і давялося вяртацца да ручая. Пасля высветлілася, што Чук забыў на ўзлеску цёплую рукавічку – зноў трэба вяртацца. Пакуль шукалі, сцямнела.
Калі яны прыйшлі дадому, Гека ў хаце не было. Маці ўстрывожылася, зірнула на цвік ля дзвярэй. І кажушок Гека, і шапка зніклі. Тады маці зняла са сцяны стрэльбу, узяла патроны, схапіла ліхтар і, крыкнуўшы Чуку, каб не смеў рухацца з месца, выбегла ў двор. Там яна зарадзіла стрэльбу і стрэліла. Непадалёк пачуўся стрэл у адказ.
У хату ўляцеў сабака, а за iм увайшоў ахутаны парай вартаўнік.
– Што за бяда? – спытаў ён, не вітаючыся і не распранаючыся.
– Хлопчык знік, – сказала маці і заплакала.
Вартаўнік падсунуў сабаку пад нос бот Гека. Сабака ўважліва абнюхаў рэчы і разумнымі вачыма паглядзеў на гаспадара.
– За мной! – адчыняючы дзверы, сказаў вартаўнік. – Шукай, Смелы!
Сабака вільнуў хвастом і застаўся на месцы.
– Наперад! – строга крыкнуў вартаўнік. – Шукай, Смелы, шукай!
Сабака павярнуўся і пайшоў у процілеглы кут хаты. Тут ён спыніўся ля вялікага куфра і тры разы гучна і ляніва гаўкнуў. Вартаўнік падышоў і адчыніў куфар.
Там, сярод ануч, аўчын і мяхоў, накрыўшыся сваім кажушком, спакойна спаў Гек. Аказваецца, ён захацеў пажартаваць і схаваўся ў куфры, каб страшна завыць адтуль, калі маці з братам вернуцца і пачнуць яго шукаць. Але паколькі маці і Чук хадзілі вельмі доўга, то ён незаўважна для сябе заснуў.
Тут вартаўнік паклаў на стол ключ і блакітны канверт.
– Гэта вам, – сказаў ён. – Ключ ад пакоя і кладоўкі і ліст ад Сярогіна. Ён з людзьмі будзе тут праз чатыры дні, акурат на Новы год.
Дык вось дзе вартаўнік прападаў! Сказаў, што ідзе на паляванне, а сам бегаў на лыжах да далёкай цясніны Алкараш.
Цяпер зрабілася весялей. Вартаўнік адчыніў пакой, дзе жыў іх бацька, добра напаліў там у печцы і перанёс іх рэчы.
На наступны дзень вырашылі рыхтаваць да Новага года ялінку. З чаго толькі яны не рабілі цацкi! Павыдзіралі з каляровых часопісаў усе карцінкі. З абрэзкаў і ваты нарабілі звяркоў і лялек. Накруцілі з паперы пышных кветак.
Цяпер патрэбна была сама ялінка. Вартаўнік стаў на лыжы і пайшоў у лес. Праз паўгадзіны ён вярнуўся і прынёс сапраўдную таежную прыгажуню – высокую, густую і з галінкамі, якія разыходзіліся на канцах, як зорачкі.
Чатыры дні праляцелі незаўважна, і вось надышоў пярэдадзень Новага года. Ужо з раніцы Чук і Гек з пасінелымі насамі тырчалі на марозе, чакаючы бацьку і ўсіх астатніх.
І вось пачуўся брэх сабак, шум, рыпенне, крыкі. На ўзлесак выкацілі дзевяць лыжнікаў.
Убачыўшы на ганку маці, Чука і Гека, яны на бягу паднялі лыжныя палкі і закрычалі: «Ура!»
А вечарам усе сустракалі Новы год. Накрыўшы на стол, запалілі свечкі. У кагосьці быў баян, і пачаліся танцы. Усе танцавалі цудоўна, асабліва калі запрашалі на танец маму.
– А цяпер сядайце, – зірнуўшы на гадзіннік, сказаў бацька. – Зараз пачнецца галоўнае.
Ён уключыў радыёпрыёмнік. Усе замаўчалі. Спачатку чулася толькі шыпенне, а пасля аднекуль пачуўся меладычны навагодні звон. І тады людзі ўсталі, павіншавалі адно аднаго з Новым годам і пажадалі ўсім шчасця.
2022 Народные сказки
2022 Сказки зарубежных писателей
2021 Залатая скарбонка (1+)
2021 Стихотворения, легенды и былины на белорусском языке "Залатая скарбонка" (5+)
2021 Сказки, стишки, потешки на белорусском языке "Залатая скарбонка" (2+)
2021 Сказки, стихотворения, рассказы на белорусском языке "Залатая скарбонка" (3+)
2021 Залатая скарбонка (5+)
2021 Произведения русских писателей на белорусском языке "Залатая скарбонка" (5+)
2021 Залатая скарбонка (4+)